Набліжаўся фронт. Усё бліжэй і бліжэй чутны былі выбухі савецкіх снарадаў. 27 чэрвеня 1944 года ўночы быў моцны налёт савецкай авіяцыі на горад Баранавічы. Цёмна-сіняе летняе неба праразалі чырвоныя ракеты. Яно гуло ад матораў савецкіх бамбавозаў. Намеснік каменданта лагера эсдовец Сенкевіч Леанід даў каманду пазавешваць вокны барака мяшкамі. Вязні захваляваліся і зашумелі.
— Што рабіць! Што рабіць!? – у роспачы пыталіся яны адзін у аднаго. Я ўбачыў праз дзірку ў мяшку, як да Сянкевіча падышоў камендант Калько, якому ён сказаў:
— Цо рабіць, пане лейтэнанце? Оні шумён! (што рабіць, пане лейтэнанце? Яны шумяць!)
І Калько на польскай мове адказаў:
— Не веш, што рабіць? Жуцай гранат! (Не ведаеш, што рабіць? Кідай гранату!)
У бараку сціхлі, і Сянкевіч з Калько нас не ўзарвалі.
Назаўтра, 28 чэрвеня 1944 года, пасля бяссонай ночы прыйшоў Калько з іншымі катамі і выгнаў нас на панадворак. Ён ганяў нас то ў барак, то на панадворак, то зноў у барак, то зноў на панадворак.
— Бегем! (Бягом!) – крычаў азвярэлы Калько. Людзі спяшаліся хутчэй
убегчы ў барак, каб пазбегнуць палачных удараў, якія наносіў Калько і яго памочнікі – эсдоўцы. Аднаму вязню пры такой таўкатні зламалі руку.
Наглядчыкі загадвалі называць сябе камендантамі, а Калько лічыўся галоўным. Нам не далі нават вады. Сярод выгнаных мы не далічылісяза час праверкі 400 нашых таварышаў – іх расстралялі ўночы.
Машына за машынай прыбывалі новыя “папўненні” ў наш лагер з баранавіцкай і іншых турмаў. Сярод іх я сустрэў свайго стрыечнага брата Васіля Канстанцінавіча Якімовіча з в. Дзямідавічы Клецкага раёна Мінскай вобласці. Яго расстралялі праз дзве гадзіны пасля прыбыцця ў лагер.
Нас выстрайвали ў рады, выклікалі па дваццаць чалавек. Гэта ўсё рабіў Калько. У выкліканых тры разы пыталі прозвішча, імя па бацьку, год нараджэння, веравызнанне, нацыянальнасць і хатні адрас, а затым адводзілі да камендатуры. Тых жа, што засталіся, заганялі ў барак, зачынялі на замок і загадвалі завешаць вокны.
Але я ўсё ж глядзеў праз дзірачку ў мяшку, якім было завешана окно, і бачыў, як жанчын распраналі дагала, прымушалі акуратна складваць вопратку і абутак. Жанчынам і дзецям выкручвалі назад рукі і вязалі дротам, потым іх кідалі, як дровы, на грузавыя аўтамашыны. На іх зверху садзіліся эсдоўцы з дзікімі п’янымі песнямі і крыкамі адвозілі ў лес.
Чорным слупам стяў дым над лесам, стогны і нечалавечыя ляманты несліся да неба.
Дзядок, якого злавілі каля лесу і загналі ў лагер, расказваў, што бачыў, як фашысты складвалі няшчасных людзей штабелямі і аблівалі бензінам, а затым запальвалі. Пасля пачалі проста расстрэльваць, бо фашыстам трэба было перад прыходам Савецкай Арміі замесці сляды сваіх злачынстваў. Ніколі не забуду, як бралі аднойчы жанчын. Іх было дваццаць, а з імі дзевятнаццаць дзяцей. Самому старшаму хлопчыку было 6 гадоў, самай малодшай тры дні! Гэта дзяўчынка нарадзілася ў лагеры. Сярод жанчын была і 72-гадовая бабулька Плюцінская, маці забітага фашыстамі беларускага хлопца.
Калько і Прончак вырывалі з рук маці дзяцей і перадавалі ў рук і жанчын, якія дзяцей не мелі, каб тыя неслі іх. Яны, гэтыя вылюдкі – Калько і Прончак – вырывалі з рук маці кансервавыя бляшанкі і лыжкі, з якіх яны кармілі дзяцей бурдой.
Прончак Юзэф, насміхаючыся, казаў:
— Яны вам больш не патрэбныя! На новай каменнай кватэры вам дадуць сярэбраны посуд!
З кожным днём нас заставалася менш і менш. І вось настаў дзень 1 ліпеня 1944 года.
Прыйшлі ў лагер Іорн, Калько. 2 немцы-эсэсаўцы і 19 эсдоўцаў. Усіх нас падзялілі на чатыры групы. У першую трапіў я, у другую — мая жонка Людміла і Лідзія Хільтова, у чацвёртую Георгій Хільтаў і Сенчык Леанід з цяжарнай жонкая Ядзвігай.
Нас выстраілі пяцёркамі, загадалі ўзяцца за рукі і першую групу пагналі пешшу пад аховай конных эсдоўцаў і сабак у Баранавіцкую турму, у якой мы правялі трывожную ноч, бо нас меліся ўзарваць.
Раніцай 2-га ліпеня 1944 года нас у ліку 600 чалавек выгналі на турэмны панадворак ўжо ўласаўцы і салдаты-немцы.
Фронт набліжаўся. Усё бліжэй і бліжэй чутна была артылерыйская кананада. Нас пагналі па Баранавіцкай шашы. Хто з вязняў знемагаў, таго прыстрэльвалі. Нам не давалі ні ежы, ні вады. Адзін вязень кінуўся да рэчкі Дзеравянкі, каб напіцца вады, там яго і застрэлілі.
Міма нас на грузавіках праімчаліся на захад усе калдычоўскія каты-эсдоўцы са сваімі каханкамі. Дзеўкі нахабна крыкнулі нам, што лагера ўжо няма, усіх пусцілі… на той свет.
Такім чынам мы даведаліся, што лагер смерці Калдычэва ліквідаваны ўночы з 1-га на 2-га ліпеня 1944 года (з суботы на нядзелю). Там сярод іншых вязняў смерцю мучанікаў загінулі: мая жонка Людміла, свяшчэннік Георгій Хільтоў, Лідзія Хільтова, Сенчык Леанід і яго жонка Ядзвіга, друкар Ян Валаховіч, інжынер Валасевіч, 92-гадовы свяшчэннік Аляксандр Валасовіч з в. Ёдчыцы Клецкага раёна Мінскай вобласці. Ці ўсіх пералічыш…
Пасля начлега ў лесе, нас 3-га ліпеня 1944 года пад вечар прыгналі ў г. Слонім на яўрэйскія могілкі і паклалі адзін ля аднаго тварамі да гары і забаранілі падымаць галовы. Раніца 4-га ліпеня прадвяшчала гарачы дзень. Гітлераўцы спехам уцякалі. Нас паднялі і пагналі па Зелвенскай шашы ў лес.
На 9-м кіламетры за горадам Слонімам уласаўцы здрадзілі гітлераўцам і ўцяклі ў лес, дзе далучыліся да партызан, якіх загадзя папярэдзілі, што будуць весці нас на расстрэл. Партызаны, якія былі ў засадзе, адкрылі агонь па гітлераўцах. Убачыўшы такое становішча, мы кінуліся бегчы ў лес. Адкуль толькі сілы ўзяліся!
Многіх выратавалі партызаны, сярод выратаваных быў і я. 12 ліпеня 1944 года разам з партызанамі я прыйшоў у Слонім, вызвалены Савецкай Арміяй. Горад ляжаў у руінах.

Belarusian BE English EN Russian RU