У лагеры былі вязні розных нацыянальнасцей: русскія, украінцы, палякі, яўрэі, татары, а найбольш было беларусаў. Сярод іх я сустрэў знакомых настаўнікаў з Слоніма: Сенчыка Леаніда, Сенчык Ядвігу і Куніцу Ядвігу. Тут былі лекары, свяшчэннікі, ксяндзы, настаўнікі, рабочыя, сяляне, рамеснікі, старыя, маладыя і дзеці.
Расстралялі Беньку Васіля Станіслававіча, каваля з вёскі Лявонавічы, Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці, данеслі гітлераўцам здраднікі, што ён рамантуе зброю савецкім партызанам.
Душагубы-эсдоўцы закатавалі доктара Навіцкага за тое, што ён аказваў медыцынскую дапамогу хворым вязням.
20-га чэрвеня 1944 года расстралялі агранома Нікалаева з жонкай і дзеткамі-малюткамі – сынам і дачкой; лекара Шварца з мястэчка Гарадзішча з жонкай і двумя сынамі-малюткамі; дваццацігадовую настаўніцу, якую ў лагеры называлі “цыганачкай” за яе надзвычайную прыгажосць, разам з яе шасцімесячнай дачушкай. Калі каты вырывалі дзіця, а “цыганачка” абараняла і не давала, дык адарвалі ручку ў няшчаснай маюткі.
Хлопчыка Пакроўскага, які намагаўся ўцячы з лагеру, эсдоўцы злавілі, првязалі да слупа каля варот, білі палкамі па галаве і загадвалі крычаць:
— “Уцякаў, ды злавілі!” — і брахаць па-сабачаму. Затым, пасля катаванняў хлопчыка павесілі на варотах лагеру, а ўсім вязням загадалі хадзіць навокал трупа.
Кожны ахоўнік, як правіла, меў пры сабе апрача зброі доўгую палку, якою збіваў вязняў абы за што.
У лагеры былі дзве дрэсіраваныя сабакі-аўчаркі, якіх нацкоўвалі на ахвяры. Найстрашнейшы сабака называўся “Лорд”. Калі толькі з баку Баранавіч з’яўлялася чорная легкавая аўтамашына, мы ведалі, што зараз пачуецца раз’юшаны брэх сабак, што пачнецца катаванне чарговай ахвяры.
Марозіў у жылах кроў від маладой дзяўчыны-настаўніцы, якая вярталася з такога допыту. Яна ледзь-ледзь ішла, у падзёртай сукенцы, пакусаная сабакамі, акрываўленая. Дзяўчыну падганяў “казінай ножкай” азвярэлы Юзэф Прончак. Ды ці ж у сілах чалавека апісаць усе страшэнныя жахі, якія давялося бачыць і перажыць у гэтым апраметным Калдычоўскім пекле і ці ёсць на свеце гэткія фарбы, каб намаляваць жудасныя карціны калдычоўскай трагедыі.
Па некалькі разоў на дзень нас выганялі на лінейку. Юзэф Прончак, гэты варвар-садыст, цешыўся, збіваючы нагайкай няшчасных вязняў. Ён ганяў па лагерным панадворку мучанікаў, прымушаў то падаць ніцма ўсіх, то падымацца, то зноў падаць і паднімацца і г.д.
— Падній! Повстань! Падній! Повстань! – крычаў на польскай мове Юзэф Прончак. Хто знемагаў, таго ён збіваў да паўсмерці. Я мушу адзначыць, што хоць эсдоўцы гасілі на мундзірах значкі з “пагоняй”, аднак уся каманда ў Калдычоўскім лагеры падавалася на польскай мове.
Аднойчы пад вечар, памахіваючы нагайкай, звярнуўся да 72-гадовай сівой бабулькі Плюцінскай:
— Ідзі, глянь! Там у кустах ляжыць дохлы сабака, мо пазнаеш!
Бабулька пазнала свайго сына-партызана, які не схіліў галавы перад акупантамі. Яго забілі эсдоўцы.
-Гэта мой сын! – прамовіла бабулька горда і прыйшла назад на лінейку, але сілы ёй адмовілі і яна ўпала б на зямлю, каб яе не падтрымалі жанчыны.
Назаўтра раніцай зноў нас выгналі на лінейку, а на насілках два вязні прынеслі з камендатуры труп нейкага старога. 72-гадовая бабулька пазнала ў ім свайго мужа і з крыкам кінулася да яго. Але Прончак падбег і, скамандаваўшы: “На месца!” – з усяе сілы сцебануў сваёй нагайкай “казінай ножкай” па сівой галаве бабулькі, і чырвоная паласа акрывавіла яе белыя валасы.
За калючым дротам каля камендатуры лагера быў сад і гарод. Там квітнелі краскі, раслі гуркі, памідоры, клубніка і іншая гародніна. Адзін вязень спрабаваў праз дрот дастаць зялёны памідор. Яго за гэтую спробу расстралялі.
У бараках (былыя стайні) з трохпавярховымі нарамі было шмат пацукоў. У другой палове чэрвеня 1944 г. у лагер прыйшоў шэф, немец Іоган Іорн з камендантам лейтэнантам СД Калько. Торн даў каманду біць пацукоў і сам пайшоў. Забілі 92 пацукі і скінулі іх у панадворак у кучу. Прыехаў асенізатар з бочкай і адвёз пацукоў з нечыстотамі на сметнік. Пасля палудня прыйшоў зноў Іорн і спытаў, колькі забіта пацукоў. Яму сказалі.
— Дзе яны? – працягваў Іорн.
Калі ён даведаўся, што пацукі вывезены на звалку, ён разлютаваўся і загадаў расстраляць няшчаснага асенізатара. Аказалася, што Іорн хацеў паздымаць з пацукоў шкуркі! Любіў забаўляцца камендант Калько. Ён прыходзіў уначы ў барак, крыкам будзіў вязняў, загадваў кідаць у кучу ўвесь абутак, а пасля неадкладна адшукваць свой абутак і абувацца. Хто не паспяваў, таго Калько збіваў палкай, а найбольш кулаком. Або загадваў вязням класціся на земляную падлогу барака тварам угару і пасля хадзіў па целах, як на падлозе і таптаў нагамі.
Ні адзін выклік на расстрэл ні абыходзіўся без Калько. Гэта ён выклікаў і ўдзень і ўночы няшчасныя ахвяры на смерць.
“Кармілі” тры разы на дзень: раніцай бурда-вада, прыпраўленая тухлай мукой, без солі, 75 грамаў так званага хлеба, у абед тая ж бурда і 75 грамаў хлеба. Увечары вада або бурда без хлеба. Хлеб чорны з рознай дамешкай, цвілы, абгрызены пацукамі, якіх у бараках было такое мноства, а яны такія нахабныя, што і ўдзень адважна лазілі па бараках, кусалі людзей.
І удзень і ўночы ганялі вязняў на катаржныя работы. Кожны мужчына абавязаны быў штодзённа вынесці з балота 1550 пліт мокрага торфу, а кожная жанчына – 1150 пліт торфу. Нікога не цікавіла, здаровы ты ці хворы. Галодныя, няшчасныя вязні вымушаны былі працаваць, бо іх падганялі эсдоўцы палкамі, гумавымі дубінкамі, прыкладамі вінтовак, нацкоўваннем сабак. Некаторыя вязні паміралі з голаду, ад катаванняў, хваробаў, іншых праз некаторы час расстрэльвалі групамі па 12, 20, 200 чалавек.
Крэматорную печ узарвалі, бо “прапускная здольнасць” яе была малая і не задавальняла патрабаванні вылюдкаў.
Дзяўчыну, якая пыталася ўцячы, злавілі, усадзілі кол у палавы орган, прапароўшчы кішэчнік і лёгкія да самага горла.
Падчас допыту аднаму вязню прыкалолі нажом “фінкай” нагу да падлогі. Разарвалі дзіця-дзяўчынку на двое на вачах ашалелай ад жаху маці. Дубінкай па галоўцы ўдарыў Калько дзяўчынку-малютку, якая плакала на руках у маці і гэткім чынам прымусіў дзіцятка “змоўкнуць” навекі. Адно маленькае дзіцятка эсдоўцы схапілі за ножкі і галоўку пабілі аб ствол бярозы. Доктара Лукашэню з г. Баранавічы і ягоную жонку, таксама лекара, расстралялі. Не месціцца ў галаве ўсё гэтае пачварнае злачынства…
Працяг будзе.
Belarusian BE English EN Russian RU